Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваешся паляваць нават на казу, бо ты (сапраўды яны не маюць сораму, гэтыя Бандар-Лог!), ты, бачце, баішся казіных рагоў, — мякка казала Багіра.

Змяя, асабліва такі асцярожны стары пітон, як Каа, рэдка выяўляюць свой гнеў. Але на гэты раз Балу і Багіра маглі бачыць, як дрыжалі і надзьмуваліся вялізныя глытальныя мышцы па абодвух баках глоткі Каа.

— Бандар-Лог змянілі месца свайго жыцця, — спакойна прамовіў ён. - Калі я выпаўз сёння на сонца, я чуў іхняе гіканне на дрэвах.

— Мы цяпер гонімся за Бандар-Логам... — пачаў быў Балу, але словы застралі ў яго горле: за ўсё яго жыццё гэта быў першы выпадак, калі жыхар Джунгляў прызнаваўся, што цікавіцца малпамі.

— І мусіць незадарма два мужныя паляўнічыя — пэўна правадыры ў сябе ў Джунглях — пагналіся па слядах Бандар-Лога? — абыякім тонам сказаў Каа, хоць самому аж карцела ад цікавасці.

— Сапраўды, — пачаў Балу, — я не болей, як стары і часова вельмі дурны Настаўнік Закону ў Сіанійскіх Ваўчанят, а Багіра...

— Не больш, як Багіра, — рэзка сказала Чорная Пантэра і з ляскам стукнула сківіцамі, яна не любіла зневажацца.

— Справа вось у чым, Каа. Гэтыя злодзеі і падбіральнікі пальмавых лісцяў скралі наша Чалавечае Дзіцянё, пра якое ты, мабыць, чуў.

— Я чуў сёе-тое ад Сагі (ён надта задаецца сваімі калючкамі), нібы Чалавек быў прыняты ў Воўчую Зграю, але я не даваў гэтаму веры. Сагі паўнютка