Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ого, Балу, якім чынам ты тут? Добрага палявання, Багіра! Прынамсі адзін з нас пэўна хоча есці. Ці няма чаго цікавага наконт дзічыны? Якую-небудзь гэткую лань ці маладога аленя? У сярэдзіне ў мяне пуста, як у перасохлай студні.

— Мы палюем, — нядбала адказаў Балу.

Ён ведаў, што Каа не варта падганяць. Ён занадта вялікі.

— Дазвольце і мне пайсці з вамі — сказаў Каа. — Для вас абодвух усёроўна, ці зробіце які лішні ўдар, ці не, а я... а мне даводзіцца чакаць цэльныя дні на лясной сцежцы і поўзаць бадай да паўночы, спадзяючыся, ды і то няпэўна, злавіць якое-небудзь малпянё. Цьфу! Дрэвы цяпер ужо не тыя, што былі ў часы майго юнацтва. Засталося толькі сухое спарахнелае галлё, якое не вытрымлівае цела.

— Можа і вага тут сёе-тое значыць, — заўважыў Балу.

— Яно так, я ўжо досыць доўгі, — з гонарам сказаў Каа, — але ўсё-ж такі ва ўсім вінаваты гэты малады лес. Я ледзь было не зваліўся на апошнім паляванні, ды паспеў моцна абкруціцца вакол дрэва. Але шум разбудзіў Бандар-Лог, і яны вылаялі мяне самымі паскуднымі словамі...

— Бязногім жоўтым земляным чарвяком, — прамармытала Багіра, нібы прыпамінаючы гэтыя словы.

— Сссс!.. Ці яны мяне і гэтак называлі? — схамянуўся Каа.

— Нешта такое яны нам крычалі ў часе апошняга маладзіку, але мы не звярнулі ўвагі. Ад іх пачуеш, што хочаш: нібы ты страціў усе зубы і не адваж-