Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ён не еў! — радасна сказаў Балу, убачыўшы прыгожую жоўта-бурую скуру. — Сцеражыся, Багіра! Ён заўсёды слепаваты пасля ліняння і кожны момант гатоў кінуцца.

Каа быў не атрутная змяя — ён нават зневажаў атрутных змей, лічачы іх баязлівымі, — затое быў надзвычайна дужы, і калі ўжо ён абвінаў каго-небудзь сваімі страшэннымі кольцамі, дык можна было развітацца з усімі надзеямі на вызваленне.

— Добрага Палявання! — крыкнуў Балу, прысядаючы на заднія лапы.

Як усе змеі яго пароды, Каа быў крыху глухі і не адразу пачуў прывітанне. Ён падціснуўся на кожны выпадак і схіліў галаву.

— Добрага Палявання нам усім, — адказаў ён нарэшце.