Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пасля сытнага абеда ён спіць цэльны месяц. Можа ён цяпер спіць, а калі прачнецца, дык можа захоча спачатку папаляваць на сваіх коз?

Багіра мала ведала Каа і таму ставілася да яго недаверліва.

— У такім разе мы ўдвух пастараемся ўгаварыць яго!

Тут Балу пашморгаўся аблезлым бурым плячом аб пантэру, і яны адправіліся шукаць Каа, Каменнага Пітона.

Яны знайшлі яго на выступе скалы, дзе ён ляжаў на сонцапёку. Ён пазіраў на сваю новую, адмысловую скуру, якую ён змяніў за апошнія дзесяць дзён, хаваючыся ад чужога вока. Выцягнуўшы вялізную кірпатую морду па зямлі, ён скруціў дзевяць метраў свайго цела ў фантастычныя вузлы і петлі і аблізваў губы, смакуючы будучы абед.