Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Балу ахапіў свае вушы лапамі і з енкам пакаціўся на зямлю.

— Прынамсі мне ён верна паўтарыў усе Словы не так даўно, — нецярпліва перапыніла яго Багіра. — Балу, у цябе няма ні памяці, ні павагі да сябе! Што падумалі-б Джунглі, калі-б я, Чорная Пантэра, пачала качацца па зямлі, нібы Сагі-іглак, ды яшчэ скуголіць пры гэтым?

— Што мне да таго, як падумаюць жунглі? Можа ён ужо загінуў!

— Калі толькі яны не скінулі яго з дрэва дзеля пацехі ці не забілі так сабе, дык я зусім не баюся за Чалавечае Дзіцянё. Ён разумны і добра навучаны, ды апрача таго, у яго вочы, ад якіх дрыжаць усе Джунглі. Але ўся бяда ў тым, што ён у руках Бандар-Лога, а яны, жывучы на дрэвах, не баяцца нікога з нас...

Багіра задумліва лізала пярэднюю лапу.

— І дурны-ж я! Тлусты, буры, карняжэры дурань! — крыкнуў Балу, раптам выпрастаўшыся. — Праўду сказаў Хаці, Дзікі Слон: на кожнага свой страх. Яны, гэтыя Бандар-Лог, баяцца Каа, Каменнага Змея. Ён лазіць не горш ад іх. Ён крадзе ўначы маладых малпянят. Толькі ад аднаго імя яго, сказанага шэптам, халадаюць іх паганыя хвасты. Пойдзем да Каа!

— Што ён зробіць для нас? Ён не нашага племя; без ног, і з такімі д'ябальскімі вачыма, — прамовіла Багіра.

— Ён вельмі стары і вельмі хітры. Апроч таго, ён заўсёды галодны, — з надзеяй казаў Балу, — Наабяцай яму гару коз!