Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Закону. Яны адшчапенцы. Яны не маюць сваёй мовы, а карыстаюцца накрадзенымі словамі, якія падслухоўваюць, седзячы на дрэвах і сочачы за намі. Іх шлях — не наш шлях. У іх няма правадыроў. У іх няма памяці. Яны балбочуць і выхваляюцца і выстаўляюць сябе за вялікі народ, які мае зрабіць у Джунглях вялікія справы; але варта толькі ўпасці арэху, каб яны пачалі рагатаць і зараз-жа забыліся на ўсё. Мы, жыхары Джунгляў, не маем з імі спраў. Мы не п'ем там, дзе п'юць малпы, мы не ходзім туды, куды яны ходзяць; мы не палюем там, дзе яны палююць; мы не паміраем там, дзе яны паміраюць. Ці чуў ты ад мяне хоць адно слова пра Бандар-Лог да гэтага часу?

— Не, — прашаптаў Маўглі, і ўвесь лес быў ахоплены цішаю, калі Балу скончыў.

— Народы Джунгляў выключылі іх з сваёй мовы і сваёй памяці. Іх вельмі многа, яны злыя, неахайныя, бессаромныя, і вельмі жадалі-б, калі толькі ў іх могуць быць пэўныя жаданні, — звярнуць на сябе ўвагу жыхароў Джунгляў. Але мы не заўважаем іх нават тады, калі яны кідаюць нам на галаву бруд і арэхі...

Не паспеў ён скончыць гэтыя словы, як з дрэў пасыпаў дождж арэхаў і галля; высока ў паветры, сярод тонкіх галін пачулася кірханне, скогат і сярдзітыя рухі.

— Малпаў Народ забаронены, — сказаў Балу, — забаронены жыхарамі Джунгляў. Памятай гэта!

— Забаронены, — дадала Багіра, — але я ўсё-ж такі думаю, што Балу павінён быў папярэдзіць цябе...

— Я... я? Але-ж ці магло мне прыйсці ў галаву, што ён будзе пэцкацца з такой брыдотай? Малпавае Племя! Цьфу!..