Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ведайце, што Акела можа жыць, як сабе хоча. Вы не заб'еце яго, бо я так хачу! І, нарэшце, я думаю, што вам няма чаго тут сядзець, высунуўшы язык, нібы вы нешта прыстойнае, а не сабакі, якіх я праганяю — вось гэтак! Прэч адсюль!

Полымя люта палала на канцы галіны, Маўглі махаў ёю направа і налева, і ваўкі, скавытаючы, уцякалі ад іскраў, якія смалілі ім поўсць.

Нарэшце засталіся толькі Акела, Багіра і з дзесятак ваўкоў, якія былі на баку Маўглі.

Тады Маўглі адчуў, што ў сярэдзіне яго нешта пачало сціскаць, як ніколі раней не сціскала, дыхаць стала цяжка... Ён пачаў плакаць, і слёзы каціліся па яго твары.

— Што гэта? Што гэта такое? — казаў ён. — Я не хачу пакідаць Джунгляў, і не ведаю, што гэта такое. Багіра, ці не паміраю я?

— Не, Братка. Гэта толькі слёзы, якія бываюць у людзей.