Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цяпер я бачу, што ты — Чалавек, і ўжо не дзіця. З гэтага часу Джунглі сапраўды закрыты для цябе. Хай яны капаюць, Маўглі. Гэта толькі слёзы.

Маўглі сядзеў і плакаў, нібы сэрца яго разрывалася на часткі. Ён жа-ж ніколі не плакаў за ўсё сваё папярэдняе жыццё.

— Ну, — прамовіў ён, — я іду да людзей. Але спачатку я павінен развітацца з маёй маткай.

І ён пайшоў у пячору, дзе яна жыла з Бацькам Ваўком, і плакаў на яе лахматых грудзях, а чацвёра ваўчанят пры гэтым скавыталі.

— Вы на мяне забудзецеся? — сказаў Маўглі.

— Ніколі, пакуль будзем у стане абнюхаць сляды, — адказалі ваўчаняты. — Калі будзеш Чалавекам, прыходзь да ўзгорка, і мы будзем з табой гутарыць. Па начах мы будзем прыходзіць на палеткі і гуляць з табой.

— Прыходзь хутчэй! — прасіўся Бацька Воўк. — О, мудрае Жабянё, вяртайся хутчэй, бо мы ўжо старыя, твая маці і я!

— Прыходзь хутчэй, мой голы сыночак, — дадала Маці Ваўчыха. — Ведай чалавечае стварэнне, што я люблю цябе нават больш, як сваіх шчанят!