Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

навакол. — Я бачу, што вы сабакі. Я іду ад вас да свайго племя — калі гэта маё племя. Джунглі закрыты для мяне, я павінен забыцца на вас. Але я буду міласэрней за вас. Я быў вашым братам ва ўсім, апрача крыві, і абяцаю, што калі буду Чалавекам сярод людзей, дык не здраджу вам перад людзьмі, як вы здрадзілі мне. — Ён штурхануў нагой вуголлі, і іскры паляцелі ва ўсе бакі. Паміж нас, членаў Зграі, тут не будзе грызні. Але перш як пайсці адсюль, я павінен заплаціць доўг.

Ён ступіў наперад, туды, дзе сядзеў Шэр-Хан, тупа міргаючы і ўтаропіўшыся ў полымя, і ўхапіў яго за кучму валос на падбародку. Багіра на кожны выпадак пайшла за ім.

— Устань, сабака! — крыкнуў Маўглі. — Устань,калі гаворыць Чалавек, а то я абсмалю тваю скуру!

Вушы Шэр-Хана шчыльна прыціснуліся да галавы і ён сплюшчыў вочы, бо палаючая галіна была ўжо вельмі блізка.

— Гэты скатабой выхваляўся, што заб'е мяне на Радзе, калі не ўдалося забіць, як я быў малы! А во як мы, людзі, абыходзімся, з такімі сабакамі. Варухні толькі вусамі, Ленгры, і я прасаджу тваю глотку Чырвонай Кветкай!

І ён пачаў біць Шэр-Хана галінай па галаве, а тыгр скуголіў і енчыў ад смяротнага жаху.

— Цьфу! Смаленая кошка Джунгляў, ідзі цяпер. Але памятай: калі наступны раз я вярнуся на Скалу Рады, як належыць Чалавеку, дык прыду не іначай, як са скурай Шэр-Хана на галаве! А наконт іншага