Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не можа чалавечае шчанё бегаць з Племем Джунгляў, — завыў Шэр-Хан. — Аддайце яго мне!

— Ён наш брат па ўсім, апрача крыві — супярэчыў Акела, — а вы хочаце забіць яго. Праўду вы казалі, я надта зажыўся на свеце. Адны з вас ядуць скаціну, а пра другіх я чуў, што яны, падбухтораныя Шэр-Ханам, ідуць у цёмныя ночы красці дзяцей з парогаў сялян. З гэтага я бачу, што вы трусы, і з трусамі цяпер гавару. Праўда, я павінен памерці і маё жыццё нічога не варта, а то я прапанаваў-бы яго ў абмен на Чалавечае Дзіцянё. Але гонарам Зграі — дробязь, на якую вы забыліся, бегаючы без правадыра! — я клянуся, што калі вы адпусціце Чалавека да сваіх, то я не выскалю супроць вас аніводнага зуба, калі прыйдзе час маёй смерці. Я памру без бою! Гэта выратуе для зграі прынамсі тры жыцця. Большага даць я не магу. Такім чынам, калі хочаце, я выратую вас і ад ганебнага забойства брата, які не мае віны, брата, якога прапанавалі ў Зграю і купілі паводле Закону Джунгляў...

— Ён — Чалавек, Чалавек, Чалавек! — рыкала Зграя; і большая частка ваўкоў пачала збірацца вакол Шэр-Хана, які пляскаў сябе хвастом па баках.

— Цяпер справа ў тваіх руках, — прамовіла Багіра, звяртаючыся да Маўглі. — Мы нічога больш не можам зрабіць... толькі біцца...

Маўглі выпрастаўся ва ўвесь рост, трымаючы гаршок з агнём у руках. Потым ён пацягнуўся і зяхнуў проста ў твар Радзе. Але ён адчуваў вялікую злосць і гора, калі ўбачыў, як ваўкі ненавідзілі яго, хоць па сваёй воўчай манеры і не выказвалі гэтага.