Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце Шэр-Хан зароў:

— Ба! Навошта вам гэты бяззубы дурань? Ён асуджаны на смерць. А вось Чалавечае Дзіцянё надта зажылося на свеце! Вольнае Племя, ён быў маёй здабычай з самага пачатку, аддайце яго мне. Мне абрыдла гэтая чалавекавоўчая недарэчнасць. Ён баламуціць Джунглі вось ужо дзесяць гадоў! Аддайце мне чалавечага вырадка, а то я заўсёды буду тут паляваць і не пакіну вам ані косткі. Ён — Чалавек, дзіця Чалавека, і я ненавіжу яго ад шчырага сэрца!

Тут завыла бадай уся зграя:

— Чалавек! Чалавек! Навошта сярод нас Чалавек? Хай ён ідзе да сваіх!

— Каб нацкаваць на нас сялян? — загрымеў Шэр-Хан. — Не, лепш аддайце яго мне! Ён — Чалавек, і ніхто з нас не адважваецца глядзець яму ў вочы!

Акела зноў падняў галаву і прамовіў:

— Ён еў з намі. Ён спаў разам з намі. Ён ганяў дзічыну для нас. Ён не парушыў ні слова з Закону Джунгляў.

— А я заплаціла за яго быка, калі вы яго прымалі. Цана быку грош, але слова Багіры такая дробязь, за якую, мажліва, яна гатова біцца, — дадала Багіра пяшчотным голасам.

— Бык, які проданы дзесяць гадоў назад! — мармытала Зграя.

— Што-ж нам да дзесяцігадовых касцей?

— Або да клятвы? — сказала Багіра, ашчэрыўшы свае белыя зубы. — Нездарма вы называецеся Вольным Племем!..