Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі ўскочыў на ногі.

— Вольнае Племя! — крычаў ён. — Няўжо Шэр-Хан кіруе Зграяй? Якая справа тыгру да нашага правадыра?

— Убачыўшы, што пасада вольная і маючы запрашэнне гаварыць... — пачаў Шэр-Хан.

— Хто запрашаў? — казаў далей Маўглі, — Ці-ж мы ўсе шакалы, каб шукаць ласкі ў гэтага скатабоя? Кіраўніцтва Зграяй належыць самой Зграі.

Пачулася скавытанне:

— Маўчы ты, чалавечае шчанё!

— Хай ён гаворыць. Ён выконваў наш закон!

І нарэшце старэйшыя ў Зграі загрымелі:

— Хай Мёртвы Воўк гаворыць!

Калі правадыр Зграі прамінецца на паляванні, дык яго называюць Мёртвым Ваўком увесь час, пакуль ён жыве (а гэта цягнецца нядоўга).

Акела ледзь падняў сваю старую галаву:

— Вольнае Племя і вы Шэр-Ханавы шакалы! На працягу дваццаці гадоў вадзіў я вас на паляванне і з палявання, і за ўвесь гэты час ніводзін з вас не быў злоўлены ці пакалечаны. Цяпер я прамінуўся. Вы ведаеце, што мяне пусцілі на незагнанага аленя, каб выявіць маю слабасць. Гэта было хітра надумана! Цяпер вы маеце права забіць мяне тут, на Скале Рады. Я пытаюся, хто возьмецца спыніць жыццё Адзінокага Ваўка? Бо, паводле Закочу Джунгляў, я маю права патрабаваць, каб вы падыходзілі па адным!

Доўга цягнулася маўчанне, бо ніводзін воўк не хацеў біцца з Акелам насмерць.