Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чырвонай Кветкай Багіра называла агонь, бо ніводнае стварэнне ў Джунглях не назаве агонь яго сапраўдным імем. Кожны звер адчувае перад ім смяротны жах і апісвае яго розным манерам, але не адважваецца назваць яго правільна.

— Чырвоную Кветку! — сказаў Маўглі. — Яна расце ў змроку каля хат. Я здабуду яе.

— Вось гэта словы Чалавечага Дзіцяці! — з гонарам прамовіла Багіра. — Памятай, яна расце ў гаршках. Хутчэй прынясі Кветку і трымай яе пакуль спатрэбіцца.

— Добра. Я іду. Але ці ўпэўнена ты, о мая Багіра, — і Маўглі абняў рукою пышную шыю і пільна паглядзеў у вялізныя вочы пантэры, — ці ўпэўнена ты, што ўсе гэты штукі Шэр-Хана?

— Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, я ў гэтым упэўнена, Братка!

— Тады я клянуся Быком, за які мяне выкупілі, што адплачу Шэр-Хану поўнасцю, а можа і з дадаткам! — сказаў Маўглі, скокнуў і знік з вачэй Багіры.

— Вось гэта Чалавек! Гэта ўжо зусім Чалавек! — сказала сама сабе Багіра, кладучыся на зямлю. — О, Шэр-Хан, не было для цябе больш няшчаснага палявання, як паляванне на Жабяня дзесяць гадоў назад.

Маўглі далёка ўжо паглыбіўся ў лес. Ён бег хутка і сэрца яго палала ў грудзях. Калі падняўся туман, Маўглі быў каля сваёй пячоры і, засопшыся, глядзеў уніз, у даліну. Сям'і не было дома, толькі Маці Ваўчыха ляжала ў глыбіні пячоры. Па дыханню Маўглі яна здагадалася, што нешта хвалюе яе Жабянё.