Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што з табой, Сынок? — спыталася яна.

— Усё балбатня Шэр-Хана, — адказаў ён. — Сёння я палюю на вораных палях!

І ён пусціўся праз кусты ўніз да крыніцы, якая гурчэла ў глыбіні даліны. Тут ён спыніўся: ён пачуў паляўнічае выццё Зграі, якая гналася за аленем. Потым пачуліся злосныя завыванні маладых ваўкоў:

— Акела! Акела! Хай Адзінокі Воўк пакажа сваю моц! Месца правадыру Зграі! Скакай, Акела!

Адзінокі Воўк мабыць скокнуў і прамінуўся, бо Маўглі пачуў лязг зубоў і сковыт: алень ударыў яго заднімі нагамі.

Далейшага Маўглі ўжо не чакаў і кінуўся наперад. Завыванні паступова сцішыліся ззаду, калі ён бег на палі, дзе жылі сяляне.

— Багіра казала праўду, — засопшыся шаптаў ён, хаваючыся ў кучу сена пад акном адной хаты. — Заўтра наш дзень з Акелай.

Ён прыціснуўся да акна і ўтаропіў вочы ў полымя, што блішчэла на комінку. Ён бачыў, як гаспадыня ўставала ўначы і карміла агонь трэскамі, а калі надышла раніца і туманы пабялелі і пахаладнелі, ён убачыў, як малы хлопчык узяў аплецены гаршок, паклаў туды гарачага, чырвонага вугалю, сунуў пад сваю коўдру і пайшоў у хлеў задаваць корм каровам.

— І гэта ўсё? — падумаў Маўглі. — Калі дзіця можа гэта зрабіць, дык мне няма чаго баяцца!

З гэтымі словамі Маўглі выбег яму насустрач, выхапіў з рук гаршок і знік у тумане, не звяртаючы ўвагі на крык перапалоханага хлопчыка.