Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паглядзеў ёй у вочы. Праз поўхвіліны вялізная пантэра адвярнула галаву.

— Вось чаму, — прамовіла яна, грабаючы лапам лісце. — Нават я не магу зірнуць табе ў вочы. А я-ж нарадзілася сярод людзей і люблю цябе, Братка! Іншыя ненавідзяць табе за тое, што вочы іх не адважваюцца зустрэцца з тваімі; за тое, што ты мудры; за тое, што ты вынімаў стрэмкі з іхніх лап, за тое, што ты — Чалавек!

— Я гэтага не ведаю, — панура прамовіў Маўглі, пахмурыўшы свае густыя чорныя брыві.

— Што гавора Закон Джунгляў? Спачатку бі, а потым падавай голас! Па адной тваёй бясклопатнасці яны бачаць, што ты — Чалавек. Будзь разважны. Сэрца гаворыць мне, што як толькі Акела прамінецца на паляванні — а з кожным разам яму ўсё цяжэй даецца алень, — Зграя паўстане супроць яго і супроць цябе. Яны збяруць Раду Джунгляў на скале, а потым... потым... Надумалася! — крыкнула Багіра, ускочыўшы з месца. — Ідзі хутчэй у даліну, да чалавечага жылля і дастань трохі Чырвонай Кветкі, якую яны вырошчваюць. Калі прыйдзе час, у цябе будзе сябра дужэйшы нават за мяне ці Балу, ці тых з Зграі, якія да цябе прыхільныя. Здабудзь Чырвоную Кветку!