Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці не прыйшоў я за табой у гэтую ноч?

— Ну, а калі яшчэ прыдзецца, і яшчэ, і яшчэ, Шэры Брат?

Шэры Брат памаўчаў, а потым прамармытаў:

— Праўду сказала Чорная Пантэра.

— Што яна сказала?

— Чалавек ідзе да Чалавека, нарэшце. Яшчэ маці, Ракша, казала...

— Тое самае казаў і Акела ў час бойкі з Дхоламі, — прамармытаў Маўглі.

— Тое самае казаў і Каа, а ён мудрэйшы за нас усіх.

— А што, скажаш ты, Шэры Брат?

— Яны раз прагналі цябе, лаялі і разбілі каменем табе рот. Яны паслалі Бульдэа, каб ён забіў цябе. Яны хацелі цябе кінуць у Чырвоную Кветку. Ты сам казаў, што яны — злая, дурная Зграя. Ты, а не я, ператварыў іхнюю вёску ў Джунглі. Ты, а не я, склаў супроць Чалавечай Зграі песню, больш жорсткую, як наша песня супроць Рудых Сабак.

— Я пытаюся, што ты скажаш?

Некаторы час Шэры Брат бег побач моўчкі, а потым сказаў з націскам.

— Чалавечае дзіцянё, Уладар Джунгляў, сын Ракшы і мой брат па логаву! Хоць я і забыўся на кароткі час увесну, але твае слова — маё слова, тваё логава — маё логава, твой след — мой след, твая зда-