Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І як толькі песні праспявалі, горача казаў Шэры Брат. — Я пакінуў усіх і пабег па твайму следу. Але-ж ты, Братка, што нарабіў: ты еў і спаў з Чалавечай Зграяй!

— Калі-б вы прыйшлі, калі я вас клікаў, то гэтага ніколі не здарылася-б, — сказаў Маўглі, паскорыўшы крокі.

— А што цяпер будзе? — спытаўся Шэры Брат.

Маўглі хацеў быў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзенні. Шэры Брат зараз-жа знік, а Маўглі ціха адступіў і схаваўся ў маісе. Дзяўчына так блізка прайшла каля яго, што ён мог-бы дакрануцца да яе рукамі. Ён мільгануў перад ёй і зараз-жа схаваўся за каласамі. Дзяўчына ўскрыкнула, думаючы, што гэта нейкі дух і хуценька пайшла наперад. Тады Маўглі рассунуў сцяблы рукамі і доўга глядзеў ёй услед, пакуль яна не знікла з вачэй.

— Што-ж ты думаеш цяпер рабіць? — зноў спытаўся воўк, падбегшы.

- Не ведаю, — адказаў Маўглі і ўздыхнуў. — Але чаму-ж вы не прыйшлі, калі я клікаў вас?

— Мы заўсёды ідзем з табой, — прамармытаў Шэры Брат і пачаў лізаць яму ногі. Мы ідзем заўсёды, толькі... толькі не ў час Новых Песень.

— І пойдзеце за мной у Чалавечую Зграю? — прашаптаў Маўглі.

— Ці не пайшоў я з табою ў тую ноч, калі наша Зграя выгнала цябе? Хто разбудзіў цябе, калі ты спаў у полі?

— Так. Ну, а калі прышлося-б яшчэ?