Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Не прыводзь… не прыводзь сюды тваіх… тваіх слуг! — ускрыкнула Месуа. — Я… мы заўсёды жылі ў згодзе з Джунглямі.

— Згода і застаецца, — сказаў Маўглі, устаўшы. — Успомні ноч, калі вы ішлі ў Канхівар. І спераду і ззаду былі дзесяткі такога народу, і яны ахоўвалі вас. Ну, я іду, маці!

Месуа пакорна адсунулася ў бок. Яна цяпер ужо думала, што гэта сапраўды лясны бог. Але як толькі ён дакрануўся рукою да дзвярэй, матчына сэрца не вытрымала: яна ахапіла рукамі шыю Маўглі і зашаптала:

— Вярніся! Сын ты, ці не сын — вярніся, бо я люблю цябе. Глядзі, ён таксама шкадуе!

Дзіця заплакала, убачыўшы, што чалавек з бліскучым нажом выходзіць.

— Вяртайся-ж, — паўтарала Месуа. — І дзень і ноч гэтыя дзверы будуць заўсёды адчыненыя для цябе.

Нешта падступіла к горлу Маўглі, і ён з намаганнем прамовіў:

— Я прыду абавязкова!

Калі ён вышаў за дзверы, Шэры Брат кінуўся да яго лашчыцца. Але Маўглі адпхнуў яго і сказаў:

— Я маю супроць цябе маленькі кліч, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлі да мяне ўсе Чацвёра, калі я клікаў вас так даўно?

— Даўно? Да гэта-ж было ў мінулую ноч! Я… мы спявалі ў Джунглях, бо прыйшла пара Новых Песен. Ці ты не памятаеш?

— Так, так.