Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі наўрад ці разумеў трэцюю частку слоў з гэтай гутаркі. Ён прабег шэсцьдзесят кілометраў і цяпер, пасля гарачага малака, адчуваў сябе зусім млявым. Ён скруціўся на лаве і праз хвіліну моцна заснуў. Месуа адкінула з твара яго валасы і пакрыла яго плашчом.

Ён праспаў усю ноч і ўвесь наступны дзень, бо інстынктам адчуваў, што тут няма яму ніякай небяспекі. Прачнуўшыся, ён так скокнуў, што затрэслася ўся хата. Яму прыснілася пастка, і цяпер, ухапіўшы нож, ён азіраўся соннымі вачыма, каб уступіць у бойку з ворагам.

Месуа смяялася. Яна паставіла перад ім вячэру — грубыя перапечкі, спечаныя на дымным агні і трошкі рысу і кіслых пладоў тамарыска. Для яго гэта быў толькі падвячорак перад вячэрнім паляваннем.

Пах балотнай травы выклікаў у ім і голад і непакой. Ён хацеў скончыць свой веснавы бег, але дзіця настойліва хацела сядзець у яго на руках, а Месуа дамагалася прычасаць яго чорна-сінія валасы. Яна напявала розныя дзіцячыя песенькі і то называла Маўглі сваім сынам, то прасіла падараваць дзіцяці крыху лясной сілы.

Раптам Маўглі пачуў за дзвярыма добра знаёмы яму гук, а Месуа скамянела ад жаху. Праз дзверы прасунулася велізарная воўчая лапа і пачулася выццё Шэрага Брата. У гэтым выцці чулася і трывога за Маўглі, і радасць, і каянне.

— Выйдзі і пачакай! Ты не прыйшоў тады, калі я клікаў цябе! — сказаў Маўглі на лясной мове, не павярнуўшы галавы, і шэрая лапа зараз-жа знікла.