Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ты, мусіць, схапіў трасцу. Я раскладу агонь і напаю цябе цёплым малаком. Здымі свой жасмінавы вянок, бо пах яго занадта моцны для кожнага маленькага памяшкання.

Маўглі сеў і закрыў твар рукамі. Галава яго кружылася, нейкія дрыжыкі прабягалі па целе і было млосна, нібы ён сапраўды з'еў атруты. Ён прагна піў гарачае малако, а Месуа глядзела на яго, час ад часу пляскала па плячы і ўсё яшчэ не магла вырашыць, ці сапраўды гэта яе сын Нату, ці нейкі таемны жыхар лясоў, або дух які. Але радасна было ёй бачыць яго.

— Сын, — прамовіла яна, нарэшце, з нейкім гонарам, — ці казаў табе хто-небудзь, што ты прыгажэй ад усіх?

— А? — спытаўся Маўглі, не разумеючы ў чым справа. Месуа ціха і радасна засмяялася. Яна была задаволеная і тым, што ён зірнуў на яе.

— Значыцца, я першая? Гэта добра. Хоць рэдка здараецца, каб маці казала сыну такія словы. Ты вёльмі прыгожы! Я ніколі яшчэ не бачыла такога мужчыны.

Маўглі азірнуўся і пачаў разглядаць сябе з усіх бакоў. Месуа засмяялася так гучна, што і Маўглі зарагатаў, не разумеючы ў чым справа. А дзіця бегала каля іх і таксама смяялася.

— Не, ты не павінен смяяцца з свайго брата! — сказала Месуа, злавіўшы дзіця і прыціскаючы яго ла грудзей. — Калі ты будзеш хоць на палову такі прыгожы, як ён, мы ажэнім цябе з малодшай дачкой Раджы, і ты будзеш ездзіць на вялікіх сланах.