Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/269

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А дзе чалавек, які капаў зямлю і які так баяўся ў тую ноч?

— Ён памёр год назад.

— А гэта хто? — і Маўглі паказаў на дзіця.

— Гэта сын мой, які нарадзіўся два гады назад. Калі ты бог, падаруй яму ласку Джунгляў, каб не было яму небяспекі сярод твайго... твайго народу, як у тую ноч.

Яна падняла дзіця і яно, забыўшыся на свой страх, пацягнулася да нажа, што вісеў на грудзях у Маўглі. Маўглі далікатна адсунуў яго ручку.

— Калі ты Нату, якога панёс тыгр, то гэта твой малодшы брат. Пацалуй яго, як старэйшы брат.

— Гай! Май! Я нічога не ведаю. Я яму не брат. О, маці, маці, як цяжка мне на сэрцы!

Ён задрыжаў і пасадзіў дзіця. Месуа завіхалася каля гаршкоў і казала:

— Гэта таму, што ты бег па балотах усю ноч.