Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/267

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі, седзячы ў траве, задрыжаў, як у трасцы. Ён добра ведаў гэты голас, але, каб упэўніцца, ціханька гукнуў:

— Месуа! О, Месуа! — і сам здзівіўся, што ўспомніў чалавечыя словы.

— Хто гэта? — спыталася яна дрыжачым голасам.

— Ці ты забылася? — сказаў Маўглі.

— Калі гэта ты, скажы, якім імем я цябе называла.

Яна прычыніла дзверы і прыціснула рукі да сваіх грудзей.

— Нату! Оге Нату! — назваў Маўглі імя, якое дала яму Месуа, калі ён першы раз з'явіўся ў Чалавечую Зграю.

— Ідзі-ж сюды, сын мой! — крыкнула Месуа.

Маўглі ўвайшоў і паглядзеў на Месуа, на тую жанчыну, якая была такая ласкавая да яго і якую ён выратаваў ад Чалавечай Зграі многа гадоў назад. Яна пастарэла, валасы яе пасівелі, але вочы і голас не змяніліся. Яна забылася, што даўно ўжо не бачыла Маўглі, і ёй здавалася што ён такі самы, якім яна бачыла яго ў апошні раз. Калі-ж яна ўбачыла яго, такога вялікага і непадобнага да ранейшага, то нават схілілася да яго ног.

— Сын мой!.. Але не, гэта не сын мой. Гэта лясны бог! Агай!

У чырвоным святле газнічкі, высокі, складны, прыгожы, з чорнымі валасамі па плячах, з бліскучым нажом на шыі і белым жасмінавым вянком на галаве і голы — Маўглі сапраўды нагадваў бога з лясной легенды.

Дзіця ў пасцелі ўскочыла і закрычала ад страху. Месуа пачала супакойваць яго, а Маўглі моўчкі стаяў