Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі ступіў на зыбкі бераг балота, добра ведаючы, што Міза не адважыцца напасці на яго тут, а потым са смехам пабег прэч, уяўляючы сабе, як злуе буйвал.

— Не зусім яшчэ знікла мая сіла! — пацяшаў сябе Маўглі. — Можа атрута не дайшла да касцей. А вунь сядзіць. зорачка!

Ён закрыў твар рукою і паглядзеў праз пальцы.

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне, гэта Чырвоная Кветка! Чырвоная Кветка, для якой я ляжаў перад тым, як з'явіўся першы раз у Сіанійскую Зграю. А цяпер я спыняю свой бег...

Балота канчалася шырокай раўнінай, на якой і мігацеў аганёк. Даўно ўжо Маўглі не цікавіўся справамі людзей, але ў гэтую ноч мільгаценне Чырвонай Кветкі зацікавіла яго, як новая гульня.

— Я пайду пагляджу, ці змянілася за гэты час Чалавечая Зграя. Маўглі пайшоў па мокрай роснай траве і апынуўся перад хатай, дзе гарэў агонь. Хата была на канцы вёскі. Некалькі сабак пачалі брахаць, але Маўглі завыў паваўчынаму, і яны спалохаліся і змоўклі.

— Хай будзе, што будзе! — прашаптаў ён, — і навошта прыйшоў я да лаговішчаў Чалавечай Зграі?

Ён дакрануўся рукой да рота, успомніўшы, як некалькі гадоў назад ударылі яго камнем людзі з другой Чалавечай Зграі.

Расчыніліся дзверы хаты, вышла жанчына і пачала ўглядацца ў цемру. У хаце пачуўся плач дзіцяці; жанчына азірнулася і сказала:

— Спі! Гэта шакал разбудзіў сабак. Зараз будзе дзень.