Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі не мог устрымацца ад спакусы падкрасціся да Мізы і паласкатаць яго канцом ножа. Вялізны бык вырваўся з твані з грукатам гарматнага стрэлу. Маўглі аж пакаціўся ад смеху.

— Раскажы, Міза, як аднаго разу Безвалосы Воўк Сіанійскай Зграі выратаваў цябе, — казаў ён.

— Воўк? Ты? — зароў бык, тупаючы нагамі. — Усе Джунглі ведаюць, што ты быў пастухом хатняй жывёлы, такім самым падшыванцам, як і тыя, што бегаюць і поркаюцца ў пылу за палянай! Які паляўнік надумаўся-б падкрасціся змяёй і дзеля паскуднага шакалавага жарту асароміць мяне перад маёй каровай? Ідзі на цвёрдую зямлю і тады я... я пакажу табе!

Морда ў Мізы пакрылася пенай, у яго быў бадай што самы задзірысты характар у Джунглях.

Маўглі паглядзеў, як той соп і злаваў, і вочы яго зусім не змянялі свайго выразу. Нарэшце, калі шум крыху сцішыўся і можна было пачуць словы, Маўглі спытаўся:

— Якая Чалавечая Зграя жыве ў балотах, Міза? Гэта для мяне новыя Джунглі.

— Ідзі на Поўнач! — крыкнуў раз'яраны бык, бо Маўглі досыць значна кальнуў яго нажом. — Што гэта за жарты вясковага падпаска? Ідзі раскажы тым, у вёсцы, за балотам.

— Чалавечая Зграя не любіць лясных казак. Не думаю я таксама, Міза, што з-за нейкай там драпінкі на тваёй скуры нам варта было-б сварыцца. Але я пайду зірну на гэтую вёску. Ціха, я пайду. Не кожную ноч Уладар Джунгляў прыходзіць пасвіць цябе.