Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што буйваліца, што ляжала ў чаротніку, ускочыла на ногі і зараўла:

— Чалавек!?

— Уф! — прамовіў Міза, дзікі буйвал, які ляжаў у суседняй лужыне. — Гэта не Чалавек, гэта толькі Безвалосы Воўк Сіанійскай Зграі. У такія ночы ён бегае ўзад і ўперад.

— А я думала, што гэта Чалавек, — сказала буйваліца, апусціўшы галаву, і шчыплючы траву.

— Не, кажу я табе! О, Маўглі, можа пагражае якая небяспека? — замыкаў Міза.

— О, Маўглі, можа ёсць якая небяспека! — перадражніў яго Маўглі. — Аб гэтым толькі і думае Міза, — ці ёсць небяспека. Пра самога-ж Маўглі, які кідаецца па Джунглях уначы, вы зусім не думаеце.

— Як ён зычна крычыць! — сказала карова.

— Так крычаць усе, — з пагардай сказаў Міза, — хто, нарваўшы травы, не ведае, як яе есці.

— Нават за меншую дзёрзкасць, — прастагнаў Маўглі, — за меншае грубіянства не далей, як у мінулыя дажджы, я выгнаў Мізу з яго лужыны і павалок праз Балота на вяроўцы з травы!

Ён працягнуў было руку па сцябло чарота, але зараз-жа і апусціў яе. Міза жвакаў сабе сваю жвачку, высокая трава калыхалася ў тым месцы, дзе пасвілася буйваліца.

— Не хачу паміраць тут! — гнеўна сказаў Маўглі. — Міза, сваяк Джакалы і свінні, яшчэ высмяе мяне. Пойдзем за балота, паглядзім, што будзе. Ніколі яшчэ я не бегаў такога веснавога бегу — і горача, і холадна разам. Ну, уставай, Маўглі!