Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На балотах таксама ішоў начны шум, але ні птушка, ні звер не звярталі ўвагі на Маўглі — і ён усё больш і больш адчуваў сябе адзінокім.

— Я пад'еў атруты! — прамармытаў ён з жахам. — Мусіць неяк наеўся, і вось цяпер зрабіўся слабым. Я, Маўглі, пабаяўся двух ваўкоў! Акела і нават Фао справіліся-б з імі, прагналі-б іх, а Маўглі пабаяўся! Гэта ёсць пэўная адзнака, што я з'еў атруты. Але што ім да таго, жыхарам Джунгляў? Яны пяюць, выюць, б'юцца і бегаюць гуртам пры святле месяца, а ў гэты час я — гай-май! — паміраю ў балотах ад атруты.

І яму зрабілася так шкада сябе, што ён ледзь не заплакаў.

— А потым, — казаў ёй далей, — яны знойдуць мяне ў чорнай вадзе. Не, я пайду лепш у свае ўласныя Джунглі і памру на Скале Рады! Багіра, якую я люблю, можа пасядзіць каля майго трупа, калі толькі не пабяжыць раўсці ў даліну; а потым Чыль з'есць мяне, як ён з'еў Акелу.

І гарачая слязіна капнула на калены Маўглі; ён нават адчуў нейкую своеасаблівую асалоду ў тым, што ён такі гаротны.

— Як каршун Чыль еў Акелу, — паўтарыў ён, — у ноч, калі я ратаваў Зграю ад Рудых Сабак...

Ён крыху памаўчаў, успамінаючы апошнія словы Адзінокага Ваўка.

— Перад смерцю Акела нагаварыў мне ўсялякіх недарэчнасцей. Мусіць таму, што перад смерцю думкі блытаюцца. Ён казаў... Але ўсё-ж я сын Джунгляў!

Ён усхваляваўся ад успамінаў пра бойку па мялізнах Вайнгунгі і крыкнуў апошнія словы так гучна,