Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і адтуль выбіраў сабе шлях да паветраных тэрасах, а потым зноў спускаўся на зямлю.

Па дарозе трапляліся яму вузкія цясніны з мокрымі скаламі, дзе цяжка было дыхаць ад душнага паху начных кветак і ліян; цёмныя алеі, дзе святло месяца лажылася на зямлю роўнымі паласамі і квадратамі, нібы мазаічная падлога, гушчары маладога парасніку, які чапляўся за Маўглі нібы лапамі; і камяністыя ўзгоркі, дзе даводзілася пераскокваць з каменя на камень пад норамі спалоханых лісак. Здалёк пачулася шморганне іклаў дзіка, які вастрыў іх аб дрэва, а потым паказаўся і сам звер; ён скроб чырвоную кару, а з морды капала белая пена, і вочы гарэлі як вугаллі.

Збоку пачуўся стук рагоў і сопат, і міма Маўглі прабеглі двое Самбгураў, якія люта біліся паміж сабой, апусціўшы скрываўленыя галовы. Ля ракі ён патрапіў на Джакалу-кракадзіла, які роў, як бык. А ў другім месцы Маўглі трапіў нагою ў клубок пераплеценых кобраў — Атрутнага Племя; але пакуль яны паспелі выпрастацца для нападу, ён быў ужо далёка, мільгануў на бліскучых каменнях і зноў схаваўся ў глыбіню Джунгляў.

Так бег Маўглі наперад, час ад часу выгукаючы кліч, ці спяваючы Песню. Пах кветак паказваў яму што ён набліжаецца да Балот, а Балоты гэтыя ляжалі вельмі далёка ад месца яго палявання.

Звычайны чалавек зараз-жа загруз-бы ў багне, але Маўглі спрытна паскакаў па купінках і вышаў на сярэдзіну балот, спудзіўшы чараду качак; ён усеўся на парослы мохам пень, які вытыркаўся з чорнай вады.