Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ная Кветка сярод бамбука, тады ўсе Джунглі з плачам кінуцца да Маўглі і пачнуць называць яго рознымі пачэснымі імёнамі. А цяпер, толькі таму, што зачырванелася Вока Вясны, што Мору ўзбрыло ў галаву пахвастацца сваімі голымі нагамі ў недарэчных скоках, — з гэтай прычыны Джунглі звар'яцелі, як той Табакі... Клянуся Быком, што выкупіў мяне. Уладар я Джунгляў, ці не? Маўчаць! Вы што тут робіце?

Пара маладых ваўкоў выбегла на палянку, каб пабіцца. Закон Джунгляў забараняе біцца ў такіх месцах, дзе бойку можа ўбачыць Зграя. Поўсць на іхніх шыях натапырылася, як дрот, і абодва прыселі, каб люта скокнуць адзін на аднаго.

Маўглі кінуўся да іх, ухапіў кожнага за карак і збіраўся быў кінуць іх вобземлю, як рабіў ён гэта ў часе паляўнічых гульняў. Але абодва скокнулі на яго і павалілі на зямлю. А потым, не сказаўшы ні слова, сашчапіліся між сабой і пакаціліся па зямлі ў заўзятай бойцы.

Маўглі ўскочыў на ногі, выскаліў зубы і выхапіў нож, каб забіць ваўкоў толькі за тое, што яны хочуць пабіцца, хоць паводле Закону кожны воўк мае права біцца. Ён пачаў скакаць вакол ваўкоў, рыхтуючы ўдар нажом, але раптам адчуў слабасць — і нож вываліўся з яго рук.

— Я, мабыць, з'еў атруты, — прамармытаў ён. — З таго часу, як я разагнаў Раду Чырвонай Кветкай, з таго часу як я забіў Шэр-Хана, нікому з ваўкоў не даводзілася паваліць мяне на зямлю. А гэтыя два зусім яшчэ маладыя паляўнікі! Мая сіла пакінула