Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шырынёй, пакінуў пасля сябе мокрае, бліскучае лісце і знік у раскатах грому і падвойнай вясёлцы. Веснавы шум трохі прыпыніўся, але хутка зноў закрычалі ўсе Джунглі — усе, апрача Маўглі.

— Я еў добрую страву, — казаў ён сам сабе, — піў добрую ваду. У мяне не гарыць і не шчыпіць у горле, як было тады, калі я пакаштаваў карэньчыка з сінімі плямінкамі, што параіла мне чарапаха Оо. Але на сэрцы ў мяне цяжка і я без жаднай прычыны няветлівы і з Багірай, і з маім Племем, і з іншымі жыхарамі Джунгляў. Мне чамусьці то холадна, то горача. Гу! Гу! Час пусціцца ў бег. Сёння ўначы я перабяруся праз горы і прабягуся да Балот Поўначы і назад. Я разбэсціўся на лёгкім паляванні. Са мной пойдуць Чацвёра, бо яны растаўсцелі, як белыя чарвякі.

Ён паклікаў ваўкоў, але ніводзін з Чатырох не адгукнуўся. Яны пайшлі далёка, спяваючы Песні Вясны, разам з іншымі ваўкамі зграі. У веснавую пару жыхары Джунгляў не глядзяць ні на дзень, ні на ноч. Маўглі гукнуў яшчэ раз, але ў адказ пачулася толькі насмешлівае "мяў" маленькай стракатай дрэўнай кошкі, якая бегала па суках, шукаючы птушыныя гнёзды. Маўглі аж затросся ад злосці і напалову выцягнуў свой нож. Потым нахмурыўся, задраў нос і з важным выглядам пайшоў па схілу гары. Але ніхто не глядзеў на яго, ніводная душа з яго племя не звярнулася да яго з запытаннем — усе былі надта занятыя сваімі справамі.

— Так, — казаў сам сабе Маўглі. — А калі прыбяжыць Чырвоны Дхол з Дэкана, ці заскоча Чырво-