Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чацвёра не ішлі за ім у такія часы: яны спявалі з іншымі ваўкамі ў розных месцах. У жыхароў Джунгляў шмат работы ўвесну, і Маўглі чуў, як яны безупынна скавычуць, рохкаюць, пасвістваюць кожны на свой манер. Увесну ў іх нават інакшыя галасы, таму яны і называюць вясну Парою Новых Песень.

Але ў гэтую весну, як Маўглі казаў Багіры, ён адчуваў у сабе нешта новае "ў сярэдзіне". Як толькі на парастках бамбука з'явіліся рудыя плямінкі, ён пачаў чакаць змены пахаў. Раніцою Мор-Паўлін, у бірузовым, бронзавым і залатым убранні, абвясціў прыход вясны ўсяму туманнаму лесу. Маўглі таксама хацеў крыкнуць, але словы захраслі ў яго горле, і ён адчуў ва ўсім сваім целе, ад пальцаў ног да валос на галаве, нешта няёмкае, непрыемнае. Ён нават аглядзеў сябе з галавы да ног, ці няма дзе калючкі!

Мор абвясціў аб новых пахах, іншыя птушкі падхапілі кліч, і са скал Вайнгунгі пачуўся хрыпаты крык Багіры, падобны ні то на крык арла, ніто на іржанне каня. Уверсе на свежых галінах пачулася кігіканне і тузаніна Бандар-Логаў, а Маўглі стаяў, грудзі яго сціскаліся, і ён не мог узняць свайго голасу. На дрэвах смяяліся Бандар-Логі, а Мор распусціў свой пышны хвост, скакаў на ўзгорку і крычаў:

— Пахі змяніліся! Добрага Палявання, Братка! Дзе-ж твой адказ?

— Братка, Добрага Палявання! — засвісцеў каршун Чыль і, праляцеўшы каля самога носа Маўглі, спусціўся са сваёй жонкай на зямлю.

Лінуў лёгкі веснавы дожджык, — яго завуць "слановым дажджом". Ён прайшоў паласой у поўмілі