Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/256

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліны і лісце мінулага года, а новая зеляніна ўжо сама вырасла. Вясна толькі дае зямлі новую свежасць і жыццё і робіць гэта так добра, што нідзе ў свеце няма такой вясны, як у Джунглях.

Пад канец зімы ўсе Джунглі адчуваюць сябе нібы зморанымі, і нават пахі ў душным паветры здаюцца лянымі, старымі, нікому непатрэбнымі. Растлумачыць словамі гэта цяжка, але так адчуваецца.

І вось прыходзіць дзень, калі на выгляд, здаецца, нічога не змянілася, а між тым усе пахі новыя і чароўныя, вусы драпежнікаў дрыжаць да самых каранёў, і зімовая поўсць адвальваецца ад іхніх бакоў кучмамі. Выпадае дожджык — усе дрэвы, кусты, бамбук, і мох і трава раптам прачынаюцца і пачынаюць расці так буйна, што, здаецца, шум росту магло-б пачуць чалавечае вуха. А пад гэтым шумам дзень у дзень чуецца глухое і глыбокае гудзенне. Гэта і ёсць Кліч Вясны.

Да гэтага года Маўглі заўсёды адчуваў асалоду ў часе надыходу вясны. Ён першы заўважваў Вока Вясны ў густой траве і першыя градкі вясновых хмарак, прыгажэйшыя за ўсё ў Джунглях. Голас яго можна было пачуць у кожным гушчары вільготных кветак, дзе ён або прымаў удзел у агульных спевах жаб, або дражніўся з маленькімі савамі, што віселі ўніз галавой і вухкалі ў светлыя ночы. Як і ўсё яго Племя, ён у гэтую пару бадзяўся ўсюды і бегаў дзеля забавы на трыццаць, сорак і пяцьдзесят міль за ноч, а раніцою вяртаўся, запыхаўшыся, але вясёлы, з пукамі якіх-небудзь незвычайных красак.