Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цябе я паслаў! — да Хаці з загадам, каб ён прыйшоў да мяне ўначы і нарваў мне хобатам травы.

— Ён прыйшоў праз дзве ночы, — адказала Багіра, туляючыся. — Але-ж гэтай салодкай травы, якая табе так падабаецца, ён нарваў столькі, што яе не з'ела-б аніякае Чалавечае Дзіцянё за ўвесь час дажджоў.

— Але ён не прыйшоў у тую ноч, калі я яго клікаў! Не ён трубіў сабе, роў ды бегаў па далінах пры святле месяца! След яго быў, нібы сляды трох сланоў, бо ён не хацеў хавацца сярод дрэў. Ён скакаў пры святле месяца перад хатамі Чалавечай Зграі. Я бачыў яго, але ён не хацеў падысці да мяне. А я-ж — Уладар Джунгляў!

— Гэта быў час Новых Песень, — пакорна казала Багіра. — Можа ты, Братка, не гукнуў яго ў тую пару Ўладарным Словам? Слухай Ферао!

Гнеў Маўглі ўжо прайшоў. Ён паваліўся на спіну, падлажыў рукі пад галаву і сплюшчыў вочы.

— Не ведаю, мне ўсёроўна, — прамовіў ён млява. — У мяне нешта ные ў сярэдзіне. Падлажы мне што-небудзь пад галаву.

Пантэра лягла і ўздыхнула: ёй не даваў спакою спеў Ферао, які рыхтаваўся да веснавой пары Новых Песень.

У Джунглях пара года пераходзіць з аднае ў другую неяк непрыметна, нібы іх толькі дзве — дажджлівая і сухая. Але, прыгледзеўшыся бліжэй, можна заўважыць, што ўсе чатыры пары года змяняюцца правільным парадкам. Лепш ад усіх — вясна, бо ёй не даводзіцца пакрываць голых палёў новай травой і кветкамі; яна толькі гоніць і здымае засохлыя рас-