Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ведала, што Чалавечае Дзіцянё не ляжыць ужо на зямлі, а недзе лятае.

Маўглі сядзеў, абапершыся локцямі ў калены, і глядзеў праз даліну на ўзышоўшае сонца. У лесе нейкая птушка няпэўным, хрыпатым голасам вывучала першыя ноты сваёй веснавой песні. Не гледзячы на тое, што гэтае ціўканне было толькі яшчэ слабым намёкам на тую поўнагучную песню, якую праспявае гэтая самая птушка пазней, — Багіра ўсё-ж такі пачула яе.

— Я кажу, што блізіцца час Новых Песень, — прамармытала Багіра, махаючы хвастом.

— Я чую, — адказаў Маўглі, — Багіра, чаго ты дрыжыш усім целам? Сонца-ж грэе горача.

— Я слухаю Ферао, чырвонага дзятла, — адказала Багіра. — Ён не забыўся сваёй песні. Трэба і мне ўспомніць сваю.

І Пантэра пачала муркаць сабе пад нос песеньку, час ад часу пазіраючы ў лес.

— Але-ж ніякай дзічыны тут не чуваць, — заўважыў ёй Маўглі.

— Ці ты аглух, Браток! Гэта-ж не паляўнічая, а веснавая песня, якую я стараюся ўспомніць.

— Ах, я і забыўся! Я буду ведаць, калі прыйдзе час Новых Песень: тады ты і іншае ўцячэце і пакініце мяне аднаго, — з прыкрасцю сказаў Маўглі.

— Але-ж, Браток, мы не заўсёды...

— А я кажу: так! — гнеўна сказаў Маўглі. — Вы ўцякаеце, а я, Уладар Джунгляў, павінен хадзіць адзін. Ці не так было летась, калі я хацеў набраць цукровага трысця з палёў Чалавечай Зграі? Я паслаў ганца —