Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта было ў канцы халоднага сезону. Лісце на дрэвах завяла, і пры кожным подыху ветра чуўся сухі шолах. Багіра пільна сачыла за адным лісцікам, што шалёна круціўся ў паветранай хвалі, потым лягла на спіну, і пачала лапамі біць гэты лісцік над сваёй галавой.

— Год заварачваецца, — прамовіла яна. — Джунглі ідуць наперад. Блізіцца час Новых Песень. Гэта ліст ведае.

— Трава сохне, — сказаў Маўглі, вырваўшы пук травы. — Нават Вока Вясны (вясковая чырвоная кветка, якая расце ў траве і мае форму трубы), — нават Чырвоная Краска зачынілася і... Багіра! Ці прыстойна Чорнай Пантэры качацца на спіне і біць лапамі паветра, нібы якая дрэўная кошка!

— Аух! — адгукнулася Багіра, — відаць думаючы пра нешта іншае...

— Я кажу, ці прыстойна для Чорнай Пантэры разяваць гэткім манерам ляпу, чмыхаць, зазываць і качацца? Памятай: мы з табой Уладары Джунгляў.

— Але, яно так; я чую, Чалавечае Дзіцянё...

Багіра насмешна ўскочыла і страсанула пыл з сваіх калматых бакоў (яна якраз ліняла, змяняла свае зімняе ўбранне).

— Вядома, мы — Уладары Джунгляў. Хто такі дужы, як Маўглі? Хто такі мудры?

Багіра нейк асабліва прамовіла гэтыя словы, і Маўглі недаверліва зірнуў на яе, — ці не здзекуецца з яго Чорная Пантэра, бо ўсюды ў Джунглях поўна слоў, гук якіх — адно, а сэнс — зусім другое.

— Я сказала, што мы безумоўна Уладары Джунгляў, — паўтарыла Багіра. — Што-ж тут такога! Я не