Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паветры, добрае харчаванне, купанне і фізічныя практыкаванні надалі яму росту і моцы. Ён мог поўгадзіны вісець на суку, учапіўшыся за яго адной рукой і наглядаючы за паветранымі шляхамі, што праклалі малпы ў верхавінах дрэў. Ён мог спыніць і паваліць аленя ў часе бегу, ухапіўшы яго за галаву. Ён мог нават паваліць вялізнага сіняга вепра, што жыў у Балотах Поўначы.

Жыхары Джунгляў, якія раней баяліся яго розуму, цяпер пачалі ўжо баяцца яго моцы, і калі ён спакойна ішоў сабе куды-небудзь, дык аднаго ціхага слова аб яго набліжэнні было досыць, каб перад ім ачысціліся ўсе лясныя сцежкі. Але выраз вачэй у яго заўсёды быў спакойны. Нават калі ён забіваў дзічыну, вочы яго ніколі не блішчэлі так, як вочы Багіры, — і гэтага Багіра аніяк не магла зразумець. Яна неяк спыталася Маўглі пра гэта, і хлопчык са смехам адказаў:

— Калі я выпушчу здабычу, я злую. Калі я два дні галадаю, я вельмі злы. Няўжо-ж мае вочы нічога не кажуць аб гэтым?

— Не, — адказала Багіра, — яны нічога не гавораць. Ці палюеш ты, ці ясі, або купаешся, — яны заўсёды аднолькавыя, нібы камні, якія не змяняюцца ні ў дождж, ні ў гарачыню.

Маўглі паглядзеў на пантэру, і яна, як заўсёды, адвярнула галаву ў бок. Багіра адчувала ў ім гаспадара.

Яны ляжалі на спадзе высокага берагу Вайнгунгі. Белыя палосы ранішняга туману распасцерліся ўнізе. Узышло сонца, туман захваляваўся, і касыя праменні ляглі на сухую траву, дзе адпачывалі Маўглі і Багіра.