Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я не пайду, я буду паляваць адзін у Джунглях. Так я сказаў!

— Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў надыходзіць вясна. Ідзі, пакуль цябе не прагналі.

— Хто прагоніць мяне?

— Маўглі прагоніць Маўглі. Ідзі да свайго народу. Iдзі да людзей!

— Калі Маўглі прагоніць Маўглі — я пайду.

— Больш табе няма чаго рабіць тут, — казаў далей Акела. — Цяпер я звярнуся да тых, хто адной крыві са мной. Можа, Братка, ты паставіш мяне на ногі? Я ж таксама правадыр Вольнага Племя!

Маўглі паціху падняў Акелу і далікатна абняў яго абодвума рукамі. Адзінокі Воўк глыбока ўздыхнуў і пачаў Песню Смерці, якую павінен спяваць кожны правадыр Зграі перад смерцю. Голас яго паступова ўзмацняўся, падымаўся ўсё вышэй і вышэй, нарэшце, загрымеў на той бок ракі. Калі прагучэлі апошнія словы — "Добрага Палявання!" — Акела адсунуўся ад Маўглі, падскочыў уверх і паваліўся мёртвы на забітага ім свайго апошняга ворага. Маўглі сеў, утыркнуў галаву ў калены і задумаўся. Бязлітасныя "лахіні" тымчасам дагналі і дабілі апошніх Дхолаў, крыкі паступова сціхлі і ваўкі, кульгаючы, сабраліся лічыць мёртвых. Пятнаццаць байцоў і шэсць "лахіні" ляжалі мёртвыя ля ракі, а з рэшты ніводзін не застаўся без ран.

Маўглі сядзеў нерухома да раніцы. Раптам ён пачуў, як вільготная морда Фао дакранулася да яго рукі, Маўглі адсунуўся і паказаў яму на цела Акелы.