Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не. Я забіў шмат.

— Так. А я паміраю і хацеў бы... хацеў бы памерці каля цябе, Братка.

Маўглі палажыў скрываўленую галаву сабе на калены і абняў пакусаную шыю.

— Шмат дзён прайшло з тых часоў, калі быў яшчэ жывы Шэр-Хан, а голае Чалавечае Дзіцянё капашылася на Скале Рады, — закірхаў Акела.

— Не, не, я Воўк! Я адной крыві з тваім Племем! — крыкнуў Маўглі. — Я не хачу быць Чалавекам!

— Ты — Чалавек, Братка. Ты Чалавек, бо без цябе Зграя ўцякла б ад Дхолаў. Калісьці ты выратаваў мне жыццё, а сёння выратаваў Зграю, як калісьці я выратаваў цябе. Ты памятаеш? Цяпер усе даўгі заплачаны. Ідзі да свайго Племя, кажу я табе, любы мой. Паляванне скончылася. Iдзі да свайго Племя.