Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вантола быў так змардаваны, што ледзь ціскаў Дхола, а той і зусім нічога не мог зрабіць ваўку.

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне, — гэта бязхвосты!

І сапраўды гэта быў руды важак.

— Вось бачыш, як неразумна забіваць "лахіні" і шчанят, не забіўшы гаспадара, звярнуўся Маўглі да важака Дхолаў. — А цяпер, відаць, гаспадар і заб'е цябе.

Вантола тымчасам паціху сціскаў сківіцы... Дхол задрыжаў, галава яго схілілася да зямлі — і ён сціх. А Вантола ў знямозе паваліўся на яго.

— Доўг крыві заплочаны! — сказаў Маўглі. — Праспявай песню, Вантола!

— Косць храснула! — закрычаў ва ўсё горла Фао, сын Фаона. — Яны ўцякаюць! Біце іх, о біце, паляўнікі Вольнага Племя!

Адзін за адным пачалі ўцякаць Дхолы з акрываўленых пяскоў да ракі, ці ў пушчу лесу, уверх ці ўніз па рацэ — у залежнасці ад таго, куды шлях быў вальней.

— Доўг! Доўг! — крычаў Маўглі. Аддавайце доўг! Яны забілі Адзінокага Ваўка! Хай жа аніводзін з іх не выратуецца!

Схапіўшы нож ён кінуўся да ракі, каб перапыніць адступленне тым Дхолам, якія захацелі б кінуцца ў ваду. Тут з-пад кучы трупаў высунулася галава і пярэднія лапы Акелы. Маўглі апусціўся на калены каля Адзінокага Ваўка.

— Ці не казаў я табе, што гэта будзе мой апошні бой? — прашаптаў Акела. — Добрае было паляванне! Ты не паранены, Братка?