Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чатыры Браты. Шэры Брат прысеў наперадзе і бараніў яго жывот, а іншыя тры засланілі бакі і спіну.

Суцэльная маса байцоў пасоўвалася то ўправа, то ўлева, або паволі рухалася навакол. У адным месцы стваралася жывая грудка і адтуль узлятала ўверх некалькі скалечаных сабак, якія зноў кідаліся ўніз; у другім месцы воўк круціўся з трыма Дхоламі на спіне; там натоўп выціскаў уверх гадавалага шчаня, які быў забіты яшчэ ў самым пачатку бойкі, а яго ашалелая маці ляскала сківіцамі, імкнучыся выратаваць яго. А то ў самай гушчы, забыўшы ўсё на свеце, воўк з Дхолам скакалі адзін перад адным, выбіраючы месца, куды б учапіцца, пакуль іх абодвух не закручваў вір бойкі.

Адзін раз Маўглі ўбачыў Акелу; па баках яго віселі два Дхолы, а трэцяга ён трымаў за карак сваім амаль бяззубым ротам. Мільгануў Фао, які ўхапіў за горла Дхола і кінуў ваўкам-аднагодкам, каб яны скончылі яго. У самым цэнтры, вакол Маўглі стварылася поўная мешаніна; толькі і чуваць былі ўдары, лясканне зубоў, тупат, сковыт, хрыпы.

Усю ноч ішла неаслабная бойка і толькі пад раніцу пачала сцішацца. Дхолы стаміліся і не адважваліся так заядла нападаць як раней. Але і адступаць яны яшчэ не збіраліся. Змарыліся і ваўкі, а Маўглі