Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але засталося іх досыць і на тваю долю. Можа падагнаць іх да цябе?

— Я пачакаю, — адказаў Вантола. — Яшчэ ўся ноч наперадзе. А крыкі Сіанійскай Зграі чуліся ўсё бліжэй і бліжэй. Ужо выразна чуваць былі словы: "Будзем біцца за Зграю — за ўсю Зграю!" Нарэшце, вада прыгнала Дхолаў на мялізны каля Сіанійскіх лаговішчаў.

Тут толькі зразумелі яны сваю памылку. Ім трэба было, не гледзячы ні на што, выйсці на бераг за поўмілі вышэй, каб уступіць у бойку з ваўкамі на беразе. А цяпер было позна...

Па ўсім беразе блішчэлі гарачыя вочы. Суцэльны "фіэл" не сцішыўся ні на хвіліну.

— Завярніся і хапай! — крыкнуў важак Дхолаў.

Уся зграя рынулася на бераг, узбаламуціўшы неглыбокую ваду, — і пачаўся доўгі бой. Ён шумеў, то цішэй, то мацней і ўнізе, на мокрым пяску, і ўверсе, сярод дрэў і кустоў, і на палянках, пакрытых травою.

Нават і цяпер яшчэ Дхолаў было ў два разы больш, як ваўкоў. Але ваўкі біліся за свае логавы, за свае сем'і. Не толькі дужыя, грудастыя самцы, але і "лахіні" (ваўчыцы) прынялі ўдзел у бойцы. Нават маладое ваўчанё кідалася на ворага і торгала яго за бакі.

Воўк, як вядома, хапае за горла ці за бок, а Дхолы больш кусаюць знізу. Пакуль Дхолы выходзілі з вады, перавага была ў ваўкоў. А калі ўсе Дхолы выйшлі на бераг, ваўкам зрабілася горай.

Маўглі ішоў за Дхоламі ззаду і яшчэ ў вадзе шмат іх палажыў. Нядрэнна біўся ён і на беразе, але і яму прышлося б дрэнна, калі б на дапамогу не прабіліся