Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нехта забівае ззаду! — раптам закрычаў адзін з Дхолаў. — Вада ў крыві!

Гэта Маўглі даў нырца, падплыў пад задняга Дхола, пацягнуў яго ўніз і там закалоў нажом.

Дхолы хацелі былі завярнуцца да берагу, але вада несла іх далей, а Маленькі Народ не дапускаў іх на бераг.

Тым часам наперадзе пачуўся баявы кліч Сіанійскай Зграі.

Маўглі зноў нырнуў, і праз хвіліну зноў выплыў напаверх мёртвы Дхол, ізноў сярод сабак пачуўся рэў. Адны крычалі, што лепш было б на беразе; другія патрабавалі, каб важак адвёў іх назад у Дэкан; трэція выклікалі Маўглі паказацца і ўступіць у бойку.

— Ну, цяпер усё залежыць ад тваіх братоў, — сказаў Каа — Маленькі Народ вяртаецца назад спаць. Я таксама вярнуся, бо ваўкам я не дапамагаю.

На беразе паказаўся воўк на трох нагах. Ён то падскокваў, то прыціскаўся да зямлі, то выгінаў спіну, нібы гуляў са сваімі гігантамі. Гэта быў Вантола, Самотнік, які сачыў за Дхоламі. А іх несла вада, змораных, абцяжараных мокрай скурай. У бяссільнай злосці глядзелі яны на палаючыя вочы свайго ворага, які рухаўся побач з імі.

— Нядобрае паляванне! — сумна прамовіў адзін з іх.

— Не, вельмі добрае! — крыкнуў Маўглі, апынуўшыся побач з ім, і ўсадзіў яму нож.

— Гэта ты, Чалавечае Дзіцянё? — спытаўся Вантола.

— Пытайся ў мёртвых, Самотнік, — адказаў Маўглі. — Ці не бачыў ты, як іх несла вада? Я адрэзаў хвост іхняму правадыру, я злавіў іх у пастку, я забіваў іх,