Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жудаснае выццё, якое заглушалася іншым рэвам — шумам крылляў Маленькага Народу Скал.

Некаторыя з Дхолаў трапілі ў шчыліны, якія злучаліся з падземнымі пячорамі і там біліся сярод сотаў. Часам хто-небудзь з іх, аблеплены пчоламі, каціўся адтуль праз якую-небудзь дзіру проста ў раку, Некаторыя-ж, падскочыўшы, траплялі нават на дрэва, і загінулі там таксама, як і ўсюды. Але галоўная маса сабак кінулася ў раку. А Вайнгунга, як казаў Каа, была галодная рака!

Каа моцна трымаў хлопчыка, пакуль той не аддыхаўся.

— Нам нельга тут заставацца, — сказаў ён. — Маленькі Народ увесь прачнуўся і надта раз'юшаны.

Маўглі паплыў уніз па рацэ, сціскаючы ў руцэ свой нож і часта хаваючыся ў ваду ад пчол.

— Цішэй, цішэй! — казаў Каа. — Адзін зуб, апрача зуба Кобры, не можа забіць цэлыя сотні. Многа Дхолаў кінулася ў ваду раней, як напаў на іх Маленькі Народ. Яны засталіся жывыя.

— Тым больш работы засталося для майго нажа. Фай! Які неадчэпны гэты Маленькі Народ!

Маўглі зноў даў нырца. І рабіць гэта ён павінен быў безупынна, бо над вадою насілася шмат раззлаваных пчол, якія джгалі ўсё, што ім траплялася. Толькі шкарупіны скуры Каа не баяліся ўкусаў.

— Табе прыдзецца яшчэ паляваць усю ноч, — сказаў Каа. — Чуеш, як яны выюць?

Бадай што палова Дхолаў сцямілі, у якую бяду іх уцягнулі, і яны паспелі завярнуцца ў бок і кінуцца ў раку ў тым месцы, дзе цясніна пашыралася. Іхнія