Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі ведаў, што яны бегаюць не так шпарка, як ваўкі, таму і рызыкнуў бегчы дзве мілі на вачах у ворага. Яны былі ўпэўненыя, што дагоняць хлопчыка, але ён быў упэўнены, што выканае свой план. Самае галоўнае было — каб не астынуў іхні запал, каб яны не завярнуліся ў другі бок.

Маўглі бег роўнымі, прудкімі крокамі, а за пяць крокаў ад яго бег бязхвосты важак. Уся ж зграя, сляпая, шалёная ад злосці, расцягнулася прыблізна на чвэрць мілі. Маўглі не імкнуўся павялічыць адлегласць між сабой і ворагамі і захоўваў свае сілы для апошняга бегу па Пчаліных Скалах.

Пчолы паснулі досыць рана, бо познія кветкі ўжо адкрасаваліся. Але як толькі Маўглі ступіў на Скалы, яму здалося, нібы ўся зямля загула. І ён паімчаўся так, як ніколі не бегаў у сваім жыцці. Па дарозе ён сапхнуў падрыхтаваныя камні ў шчылiны. У глыбіні пачуўся гул нібы рэў мора, і ў паветры пацямнела...

Маўглі ўбачыў Вайнгунгу, а ў ёй высунутую галаву Каа. Бязхвосты важак ужо нарыхтаваўся ўчапіцца за плечы Маўглі. У гэты момант хлопчык мільгануў у паветры і плюхнуўся ў ваду нагамі ўніз. Каа зараз жа падхапіў яго і падтрымаў сваімі кольцамі. На целе Маўглі не было аніводнага ўкусу: пах часнаку затрымаў пчол на тыя некалькі секунд, у якія ён пранёсся па скалах.

А з абрыва ляцелі ўніз вялізныя камлыгі пчол. Калі такая камлыга далятала да вады, пчолы разляталіся, і ў вадзе заставаўся мёртвы Дхол, якога зараз жа вада нясла ўніз па рацэ. Наверсе чулася