Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я вырву тваё сэрца! — завыў важак, кусаючы дрэва.

— Не, ты толькі падумай, мудры пацук Дэкана: колькі цяпер развядзецца бязхвостых шчанят з чырвонай куксай, якая будзе балець у гарачым пяску? Ідзі дахаты, Пёс, і крычы, што гэта зрабіла Малпа. Не хочаш? Ну, тады ідзіце ўсе за мной, і я вас зраблю разумнейшымі.

Маўглі спрытна, як малпа, пераскочыў на суседняе дрэва, потым на наступнае. Зграя ішла за ім, падняўшы ўгару галодныя раз'юшаныя морды. Час ад часу ён прыкідваўся, нібы валіцца з дрэва, і тады сабакі збіваліся ў кучу, штурхаліся, грызліся, каб не прамінуць здабычы. Цікава было б паглядзець, як па дрэвах ідзе хлопчык з бліскучым нажом, а па зямлі гурт чырвоных, як полымя, звяроў. Дабраўшыся да апошняга дрэва, Маўглі пачаў церці сваё цела часнаком, а звяры насмешліва завылі:

— Малпа з мовай ваўка, ці нё думаеш ты знішчыць свой пах і затуманіць свой след? Не, мы пойдзем за табой да смерці!

— На табе твой хвост! — крыкнуў Маўглі і кінуў назад хвост.

Увага сабак накіравалася на хвост. Пачуўшы пах крыві, яны падаліся крыху назад, затрымаліся... А ў гэты момант Маўглі слізгануў на зямлю і паляцеў да Пчаліных Скал, крыкнуўшы Дхолам:

— А цяпер бяжыце за мной, да смерці!

Завылі сабакі і кінуліся за Маўглі сваім характэрным з прыскокамі, бегам, не надта шпаркім, але безупынным, упартым, які знясільвае кожнага звера.