Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маўглі моцна прыціснуўся да сука і абкруціў яго нагамі, а правую руку ўвесь час трымаў нагатове. Важак увесь час падскокваў уверх, і часам досыць высока, але Маўглі быў асцярожны. Нарэшце, калі Дхол падскокнуў бадай што на два метры, Маўглі ўхапіў яго за карак.

Галіна сагнулася і затрашчала, Маўглі ледзь не зваліўся на зямлю, але не выпусціў сабакі. Замацаваўшыся, ён пачаў падымаць Дхола ўсё вышэй, а той баўтаўся ў паветры, нібы здохлы шакал. Тым часам левай рукой Маўглі дастаў свой нож і... адрэзаў важаку хвост! А самога яго кінуў на зямлю.

Больш Маўглі нічога не трэба было. Ён ведаў, што цяпер ужо Дхолы не пойдуць па следу Вантолы і не пакінуць гэтага месца, пакуль не заб'юць Маўглi ці пакуль ён не заб'е іх. Яны расселіся шэрагамі вакол дрэва, а Маўглі падняўся вышэй, прымасціўся ў развіліне і спакойна заснуў.

Праз тры ці чатыры гадзіны ён прачнуўся, агледзеў зграю — усе былі на месцы. Дхолы маўчалі, ці хрыпата ўскрыквалі, і сухімі, жорсткімі, як сталь, вачыма глядзелі на Маўглі. Сонца было ўжо нізка. Праз поўгадзіны Маленькі Народ Скал павінен скончыць сваю дзённую працу, — а Дхолы дрэнныя ваякі ў змроку.

— Мне зусім непатрэбныя такія старанныя вартаўнікі, — сказаў ён, устаўшы на сук, — але я прыму гэта пад увагу. А хваста гэтаму пажыральніку яшчарак я ўсёроўна не аддам. Ты, здаецца, незадаволены, Пёс?