Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

След Вантолы, адзначаны крывавымі плямамі, ішоў густым; за дзве мілі да Пчаліных Скал гэты лес пачынаў радзець. Ад апошняга дрэва да хмызняку на Пчаліных Скалах ішла адкрытая мясцовасць, дзе наўрад ці мог бы схавацца нават воўк. Гэты раён і абследваў Маўглі.

У лесе ён прыглядаўся да кожнага дрэва, да кожнай галіны, прыкідваў на вока адлегласць між галінамі суседніх дрэў, выбіраў дрэвы, якія стаялі бліжэй адно ад аднаго і вялі ў бок Пчаліных Скал. Часам ён узлазіў на дрэва і рабіў спробы пераскочыць з аднаго на другое. Так ён дайшоў да адкрытага месца між лесам і Пчалінымі Скаламі. Тут ён старанна даследваў кожны крок, кожны ўзгорак і калдобіну, кожны камень на сваім шляху.

Тады ён вярнуўся ў лес, на след Вантолы, і абсталяваўся на дрэве метры на два ад зямлі. Замацаваўшы пучок часнаку ў развіліне, ён пачаў вастрыць свой нож аб падэшву нагі і сачыць за следам.

А поўдні, калі сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглі пачуў тупат ног і адчуў агідны пах зграі Дхолаў, якія ішлі па следу Вантолы. Зверху Дхолы здаваліся зусім малымі, але Маўглі ведаў, якія моцныя іхнія лапы і сківіцы. Наперадзе, абнюхваючы след, бег правадыр Зграі. Калі яго вострая рудая морда апынулася пад галінай, на якой сядзеў Маўглі, той крыкнуў:

— Добрага Палявання!

Звер падняў галаву, і ўся зграя спынілася — ўсе гэтыя дзесяткі сабак з нізка апушчанымі хвастамі, шырокімі плячыма, слабымі спінамі і скрываўленымі зяпамі. Наогул яны досыць маўклівыя звяры і