Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не, у змроку ўсе крыллі адпачываюць. А я пагуляю з Дхоламі ў змроку, бо ўдзень яны лепш палююць. Цяпер яны бягуць па крывавых слядах Вантолы.

— Чыль не кідае мёртвага быка, а Дхолы — крывавага следу, — сказаў Каа.

— У такім разе, я ім зраблю новы крывавы след, — след іх уласнай крыві. Ты пачакай тут, Каа, пакуль я прыбягу з Дхоламі.

— А што калі яны заб'юць цябе ў Джунглях, ці заб'е Маленькі Народ раней, як ты кінешся ў ваду?

— Калі прыйдзе заўтра, мы будзем заўтра і забіваць, — адказаў Маўглі лясной прыказкай і дадаў: — Калі я памру, прыйдзе час праспяваць Песню Смерці. Добрага Палявання, Каа!

Хлопчык адпусціў шыю Пітона і панёсся ўніз па цясніне, кіруючы да далёкай мялізны. Там ён знайшоў ціхі плёс, вышаў на бераг і гучна засмяяўся ад задавальнення. Больш за ўсё на свеце любіў Маўглі, як ён казаў, "торгаць Смерць за вусы" і паказваць усім, што ён Уладар Джунгляў.

Не адзін раз ён з Балу рабаваў пчаліныя гнёзды на дрэвах і ведаў, што пчолы цярпець не могуць паху дзікага часнаку. Ён нарваў сабе пук гэтай расліны і пайшоў па крываваму следу Вантолы, што ішоў на поўдзень ад логава міль на пяць.

— Я быў Маўглі-Жабянё, — казаў ён сам сабе, усміхаючыся, — учора я сказаў, што я Маўглі. Цяпер мне трэба будзе зрабіцца Маўглі-Малпай, пасля таго Маўглі-Аленем і, нарэшце, Маўглі-Чалавекам. Го! — і ён пакратаў рукою свой доўгі нож.