Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

запэцкалі белы мармур гнілым мёдам. Глыбока і высока будавалі яны свае чорныя каморкі ў сярэдзіне скал, і ні чалавек, ні звер, ні алень, ні вада не чапалі іх ніколі.

На абодва бакі цясніны віселі нейкія махровыя кутасы, і Маўглі мімаволі схаваўся ў ваду, калі разгледзеў, што гэта былі нізкі пчол. І зноў нейкія камлыгі, нібы спарахнелыя пні на гладкім камяні — гэта былі старыя соты мінулых гадоў, ці новыя пчаліныя гарады. Яны былі ўсюды, і на гладкай стромкай сцяне, і ў кожнай шчыліне, і ў западзінах, і ў гушчары дрэў і ліян, што прыляпіліся да скалы. Часам чуўся нейкі шум, потым сярдзітае гудзенне — гэта адламаўся кавалак сотаў і ляцеў уніз, чапляючыся за галлё.

На адным беразе ракі была маленькая, метры са два, пясчаная мялізна, і на ёй уздымалася цэлая гара адкідаў, якія збіраліся тут на працягу стагоддзяў. Тут валяліся мёртвыя пчолы, трутні, старыя соты, крыллі матылёў і жукоў, якія заляцелі сюды па мёд. Цяпер усё гэта ператварылася ў горную зямлю. Ад усяго гэтага і ішоў той востры пах, які папярэджваў кожную жывую істоту, што тут жыве небяспечны Маленькі Народ.

Каа паплыў далей і падплыў да пясчанай мялізны, адкуль пачыналася цясніна.

— Вось здабыча гэтага года. Глядзі!

На беразе ляжалі шкілеты двух маладых аленяў і буйвала. Размяшчэнне касцей сведчыла, што ні воўк, ні шакал не дакраналіся да іх. — Яны перайшлі мяжу, яны не ведалі, — казаў Маўглі, — і Маленькі Народ забіў іх. Пойдзем пакуль яны не прачнуліся!