Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яны не прачнуцца да святла, — адказаў Каа. — Цяпер я раскажу табе гісторыю: многа, многа дажджоў назад прыбег сюды з поўдня адзін загнаны алень, які не ведаў Джунгляў. За ім гналася Воўчая Зграя. Ашалелы алень скокнуў зверху, а Зграя кінулася за ім. Сонца стаяла высока, пчолы былі злыя. Многія з ваўкоў кінуліся ў Вайнгунгу, але загінулі ад пчол, не даляцеўшы да вады. Рэшта загінула наверсе, на скалах. Выратаваўся адзін алень.

— Якім чынам? — здзівіўся Маўглі,

— Ён прыбег першы і кінуўся ў ваду раней, як Маленькі Народ паспеў разабрацца, у чым справа. А калі яны нарыхтаваліся забіваць, ён ужо быў далёка. А калі з'явілася Зграя, дык Маленькі Народ быў ужо падрыхтаваны і загубіў іх усіх.

— Дык алень застаўся жывы? — ціха паўтарыў Маўглі.

— Прынамсі ў той час ён не памёр, хоць ніхто не чакаў яго ў вадзе Вайнгунгі, каб падаць дапамогу, як будзе чакаць Чалавечка стары, тоўсты, жоўты, глухі Плоскагаловы, калі за табой будуць гнацца хоць усе Дхолы Дэкана. Што ты на гэта скажаш?

Галава Каа ляжала на мокрым плячы Маўглі і язык яго хістаўся каля самага вуха хлопчыка. Доўга маўчаў Маўглі і, нарэшце, прашаптаў:

— Гэта значыць торгаць за вусы самую смерць... Але ж сапраўды, Каа, ты мудрэйшы ва ўсіх Джунглях!

— Шмат хто так кажа. Дык вось, калі Дхолы пагоняцца за табой...

— Яны напэўна пагоняцца Го! го! У мяне знойдуцца пад языком калючкі, каб запусціць ім пад скуры!