Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/228

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Усё, што ёсць, ужо было. Усё, што будзе — гэта забыты год, які вярнуўся. Пасядзі ціха, пакуль я ўспомню ўсе мае мінулыя гады.

Маўглі доўга ляжаў на звілінах змяінага цела і бавіўся з нажом, пакуль Каа, прыціснуўшыся да зямлі, абдумваў усё тое, што ён бачыў і што ён уведаў з таго дня, калі вылупіўся з яйка. Бляск знік у яго вачах, і яны зрабіліся цьмяныя, як апалы. Час ад часу ён торгаў галавой направа і налева, нібы паляваў ува сне. Маўглі, нарэшце, задрамаў. Ён ведаў, што самае лепшае падмацаванне перад паляваннем гэта сон, таму прывучыў сябе засыпаць у абы які час дня і ночы. Але вось Маўглі адчуў, што Каа робіцца буйнейшым і шырэйшым пад яго целам. Вялізны Пітон надзьмуваўся з сіпеннем, падобным да таго гуку, які бывае, калі вымаюць шаблю з металічнай похвы.

— Я бачыў усе мёртвыя гады, — сказаў Каа. — І ўсялякія дрэвы і старых сланоў, і скалы, якія яшчэ былі голыя і востраканечныя, пакуль не параслі мохам. — Ты яшчэ жывы, Чалавечае Дзіцянё?

— Зусім нядаўна яшчэ ўзышоў месяц, — адказаў Маўглі. — Я не разумею.

— Шшш! Я зноў Каа. Я разумею, што прайшло не дужа часу. Цяпер мы пойдзем да ракі, Чалавек, і я пакажу табе, што можна зрабіць з Дхоламі.

Ён выпрастаўся, хутка папоўз да Вайнгунгі і апусціўся ў ваду вышэй ад Скалы Згоды. Маўглі таксама кінуўся ў ваду і паплыў.

— Не, ты не паспееш за мной. Я паплыву шпарка. Лепш сядай мне на спіну, Маленькі Братка.